КАРТО́ГРАФА-ГЕАДЭЗІ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «БЕЛГЕАДЭ́ЗІЯ»,

вытворчае аб’яднанне па забеспячэнні Рэспублікі Беларусь тапаграфічнымі здымкамі, геадэзічнымі і картаграфічнымі матэрыяламі. Засн. ў 1947 у сістэме Гал. ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі СССР пад назвай Зах. аэрагеадэзічнае прадпрыемства, у 1962—90 — Прадпрыемства № 5 ГУГК СССР. З 1997 у падпарадкаванні Дзяржкамітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь. У складзе аб’яднання 3 тапографа-геад. экспедыцыі ў Мінску (№ 81, 82, 83), Гомельскі і Полацкі геад. цэнтры, 4 цэхі камеральных работ і інфарм.-выліч. цэнтр у Мінску. Ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў па стварэнні і аднаўленні дзярж. геад. сеткі, стварае тапагр. карты маштабу ад 1:10000 да 1:1000000, планы гарадоў у адпаведнасці з патрэбамі суб’ектаў гаспадарання, навукі і абароны краіны. Праводзіць тапографа-геад. работы для зямельнага кадастру, пры праектаванні і буд-ве, рэжымныя назіранні пры эксплуатацыі асабліва важных аб’ектаў, паўторныя нівеліроўкі ўсёй тэр. Беларусі або на асобных палігонах (гл. Геадынамічны палігон). Стварае карты адкрытага выкарыстання шырокай тэматыкі, у т. л. для вучэбных мэт, і лічбавыя для выкарыстання на ЭВМ.

М.Ф.Віняцкі.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)